На клопаты – Бандэра
Data: 1970-01-01 03:00
Паводле: Newsweek, 16 жніўня 2009 г.
Аўтар: Володымір Павлів
Бандэра – гэта ўкраінскі Чэ Гевара. Яго ненавідзелі ворагі, а кахаў народ. Ідэальны прыклад для моладзі пры ўмове, што ніхто не будзе даследваць, што адбывалася на Валыні ў 1943 годзе.
У гэтым годзе я маю клопаты з-за Бандэры. Мая знаёмая студэнцкіх гадоў абвясціла публічна, што я атрымаю па рожы. У рэктарат Украінскага каталіцкага ўніверсітэту, дзе я ад нядаўна працую, даходзяць прапановы, што яны павінны мяне выкінуць. Старыя знаёмыя перадаюць ад іншых, што тыя паставілі на мяне крыжык – я для іх не існую. Пад маімі артыкуламі ў інтэрнеце, негледзячы на тое, аб чым я пішу, бачныя амаль толькі абвінавачванні ў здрадзе, пагрозы і лаянкі.
Гэты год – асаблівы: мінула 100 гадоў ад нараджэння Стэпана Бандэры і 80 гадоў ад стварэння Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Уся заходняя Украіна абвешана більбордамі: “Бандэра – сімвал народу”, “АУН – скарб народу”, “Дывізія Галычына – абаронцы Украіны”. А я сабе дазволіў засумнявацца ў Бандэры як народнай легендзе, дапамагаючай аб’яднаць падзеленае грамадства нашай краіны ў адзіны ўкраінскі народ. Я напісаў. Што бандэраўская традыцыя патрабуе дэміталагізацыі.
“А на чым, брат, мы павінны будаваць народныя легенды? Не на самай жа мартыралогіі, якая хутчэй заахвочвае маладых,” – пераконваюць мяне тыя знаёмыя, якія ведаюць, што я не з’яўляюся здрайцам ці правакатарам, што таксама, як яны, я паходжу з галіцыйскай сям’і, якая ў біаграфіі таксама мае бандэраўскую карту.
Ну, менавіта – гэта праблема зводзіцца да пошуку легенд, якія бы дапамаглі аб’яднаць у адзін народ украінцаў з захаду, усходу і поўдня краіны. Прэзідэнт Леанід Кучма нават не спрабаваў распачаць такія дзеянні. Напрацягу дзесяці гадоў яго прэзідэнтуры кожная з гэтых частак Украіны мела нефармальную культурную аўтаномію: у школах вывучалі розныя формы гісторыі, на гарадскіх пляцах стаялі розныя помнікі, у кнігарнях прадавалі розныя кнігі. У Данецку спадар прэзідэнт гаварыў па-русску, у Львове – па-украінску. Хітра рэкамендаваўся Расіі і фліртаваў з Захадам. Такую гульню яму ўдавалася вясці напрацягу 10 гадоў, аж да часу, калі на сцэне з’явіўся Віктар Юшчанка. Ён яшчэ як лідэр апазіцыі быў надзеяй шчырых украінцаў, збавіцелем украінскага народу. А пазней выйграў выбары, у часе якіх пала сістэма Кучмы. З выбараў краіна выйшла падзеленая на две часткі, больш-менш на мяжы былой Рэчпаспалітай.
Прэзідэнт Юшчанка ад самага пачатку нервова шукаў спосаб, каб стаць прэзідэнтам усіх украінцаў. Ён патрабаваў легенды, яднаючай народ. Таму менавіта пачаў прапагандзіраваць памяць аб Вялікім Голадзе, які ў 1932-1933 гадах забраў мільёны ўкраінцаў. Украінцы павінны былі сканцантравацца каля гэтай супольнай трагедыі ў супольным болю. Голад аднак не аб’яднаў народ. Нарадоўцы з Галіцыі аказаліся непадатнымі на такую агітацыю, бо паражэнне голадам не закранула гэту частку краіны. Прарасійскія ж жыхары прамысловых рэгіёнаў на Усходзе, замест ускіпець патрыатычным гневам, пробуюць апраўдаць і выбяліць Расію, як наследніка Савецкага Саюзу, паўтараючы за расійскай прапагандай, што Вялікі Голад закрануў розныя народы былога ЗССР і не быў праз нікога спецыяльна выкліканы.
Юшчанцы не ўдалося таксама з’яднаць Украіну на грунце паяднання паміж ветэранамі Чырвонай Арміі і іх ворагамі з Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). Прэзідэнт пайшоў у Кіеве на парад з нагоды Дня Перамогі, выпіў з чырвонаармейцамі фронтавыя сто грам, апавядаў ім пра айца, які быў вязнем гітлераўскага лагеру, а пазней для роўнавагі падпісаў загад аб прызнанні звання Героя Украіны каменданту УПА Раману Шухевічу. Толькі ў хворай фантазіі магла нарадзіцца ідэя, што такое пачынанне можа пагадзіць ветэранаў Чырвонай Арміі і УПА. І сапраўды закіпела. Наколькі раней паслясавецкая частка ўкраінскага грамадства з непакоем толькі прыглядалася да гларыфікацыі Бандэры, АУН і УПА, то зараз яна ўжо пачала дзейнічаць. Калі ў Львове паставілі помнік Бандэры – у Крыме адкрылі іншы, у гонар ахвяр бандытаў з УПА; калі на захадзе краіны назвалі адну з вуліц іменем членаў АУН, то ў Харкаве выкінулі табліцу, прысвечаную забітым бандэраўцам. Так вось узаемны аўкцыён варожасці спрыяў таму, што джына выпусцілі з бутэлькі.
Каб не гэта, быць можа культ Бандэры загасіўся яшчэ перад канцом гэтага года.
Зараз жа мы маем фінансавы крызіс. Каб выйсці з яго, мы павінны з’яднацца, павінны быць аднім народам – заклікаюць палітыкі. Народ можа аб’яднаць толькі харызматычны лідэр, патрыёт – гавораць людзі. Які лідэр мог бы выцягнуць Украіну з турботаў? Старшыя гавораць: пры Сталіне быў парадак, у часах камуны было бяспечней.
Але моладзь гэта не купляе. Што гэта быў за парадак? Граніца закрытая, няма свабоды слова, рэпрэсіі і прыдзіркі. Да гэтага ні Сталін, ні Брэжнеў, ні Хрушчоў не былі ўкраінскімі патрыётамі. Зараз іншыя часы, мы маем сваю дзяржаву, патрабуем сваіх патрыётаў, лідэраў і герояў.
Напрыклад каго? А хоць бы Бандэру. З пункту гледжання моладзі, якая не вельмі ахвотная да чытання, але з школы выносіць упрошчаныя гістарычныя легенды, Бандэра цалкам добра надаецца на ўзор такога правадыра. Несумненна, ён быў украінскім патрыётам. Асуджаны на смерць палякамі, вязень немцаў, у канцы быў забіты Саветамі. Гэта праўда, што ён прайграў, але даў у косць усім. Бандэра – думае сабе малады чалавек – гэта ўкраінскі Чэ Гевара. Нязломны, легендарны, яго ненавідзелі ворагі і кахалі простыя людзі. Амаль ідэальны герой пры ўмове, што ніхто не будзе даследваць падрабязнасці, напрыклад, што адбывалася на Валыні ў 1943 годзе, альбо што здарылася з жыдоўскімі лекарамі УПА. Але зараз моладзь не будзе паглыбляцца ў такія праблемы, яе нудзяць дыскусіі аб плюсах і мінусах. Трэба скончыць з размовамі і дзейнічаць. Едзем на рокавы фестываль Бандэрштад у Луцку? Ясна. Там будзе вострая музыка, кашулі і значкі з партрэтам Бандэры. Дзеці, вы едзеце на роварах да Мюнхена следам Бандэры? Будуць гаджэты, урачыстыя сустрэчы ў раённых гарадах. Супер.
Моладзь можна зразумець і апраўдаць. Аднак выязд роварамі шляхом Бандэры падтрымала гарадская і абласная адміністрацыя Львова, а таксама ўлады самакіравання некалькіх гарадоў, якія знаходзяцца ўздоўж гэтага шляху. Чаму ніхто не растлумачыў маладым людзям, што правядзенне гэтай трасы праз Польшчу, дзе на спадчыну Бандэры зусім інакш глядзяць, чым на Заходняй Украіне, можа быць неадпаведнім і неэтычным? Ніхто аб гэтым не падумаў? Сумняваюся.
Проста для тых дзеячаў адносіны з Польшчай менш важныя за надыходзячыя выбары. А вядома, што ў найбліжэйшых прэзідэнцкіх, парламентарных і выбарах да самакіравання незадаволеныя і пазбаўленыя сапраўдных лідэраў украінскія патрыёты зноў будуць галасаваць супраць традыцыйных ворагаў. Тыя ворагі – гэта: габрэі, крывапійцы-алігархі, маскалі, паслядоўныя супраціўнікі нашай адасобленасці, а таксама камуністы, віноўнікі ўсіх нашых бедаў, свае здрайцы, якія клапацяцца толькі пра свае кішэні, а тксама новая катэгорыя: нахабныя лібералы, якія ўсё змарнавалі.
Бандэра не прыналежаў да ніводнай з гэтых катэгорый. Нават калі мы сумняваемся ў некаторых заслугаг гэтай постаці, то – у прынцыпе – мы не маем іншых узораў, з каторымі мы можам атаясамлівацца ў гэтай цяжкай для нашай айчыны хвіліне. Можа некалі, у будучыні, мы знойдзем нейкую альтэрнатыву. Пакуль што мы маем толькі Бандэру.
Частка маіх знаёмых гаворыць ціха: “Ты маеш рацыю, мы падзяляем шмат тваіх поглядаў, але зараз лепш нічога не пішы на гэтую тэму. Бачыш, што на нашых людзей найшло шаленства. А ты хочаш адабраць у ніх апошнюю ілюзію. Пачакай – гэта само пройдзе. Адразу пасля выбараў. Убачыш, што на наступную гадавіну Бандэры ўжо не будзе аб чым пісаць.” Каб толькі яны мелі рацыю.