Бела-чырвоная вера
Data: 1970-01-01 02:00
Паводле: Newsweek, 01.06.2008 г.
Членства ў Еўрапейскім Саюзе не робіць нас горшымі палякамі за нашых прадзедаў. Наадварот, менавіта Саюз узмацняе нашую нацыянальную тоеснасць, - гаворыць канд. нав. Нікадэм Боньча-Тамашэўскі ў размове з Сэбасціанам Дудай.
Newsweek: Ці нацыянальная тоеснасць, нацыянальныя пачуцці маюць у ХХІ стагоддзі будучыню?
Канд. нав. Нікадэм Боньча-Тамашэўскі: Канешне. Сучасны свет без нацыянальных падзелаў увогуле не мог бы функцыянаваць, бо нацыянальная тоеснасць – гэта прадукт сучаснасці, яна ўпісана ў сучаснасць так, як паравая машына, рухавік унутранага згарання ці электрычнасць. Нацыянальная самасвядомасць нарадзілася разам з сучаснасцю ў палове ХІХ стагоддзя і з’яўляецца яе інтэгральнай часткай.
- Ці гэта значыць, што раней паняцце нацыянальнасці ў Еўропе не існавала?
- Так, грамадства перад ХІХ стагоддзем было перад усім саслоўным грамадствам. Людзей вызначалі не нацыянальныя падзелы, а саслоўныя. Такое грамадства не было аднародным – яно было мазаікай меншых або большых супольнасцей, якія жылі ўласным жыццём. Традыцыйна вылучалі найвялікшыя саслоўі: шляхту, мяшчан, духавенства і сялян, але мы не можам забыць, што ў шляхецкай Рэчы Паспалітай таксама габрэі і армяне мелі свае правы, якія іх адрознівалі ад іншых саслоўяў. На саслоўныя падзелы накладаліся рэлігійныя, этнічныя, эканамічныя і праўныя розніцы, якія яшчэ больш іх паглыбілі. Згодна з тагачасным перакананнем шляхта паходзіла ад біблійнага Яфэта, сяляне ад Хама, а габрэі ад Сема, такім чынам, грамадскія падзелы былі наперад дэкрэтаваныя Богам.
- Расклад саслоўнага грамадства на польскіх землях наступіў толькі пасля падзелаў (маюцца на ўвазе тры падзелы Рэчы Паспалітай – заўваг. пераклад.)?
- Нават крыху пазней, бо толькі ў часах студзеньскага паўстання, якое было пераломным момантам для фарміравання сучаснай польскай нацыянальнасці. Для яго маладых радыкальных удзельнікаў ваеннае і палітычнае значэнне паўстання было другарадасным адносна міфічнай, мэтафізічнай барацьбы. Паўстанцкі чын павінен быў укараніць нова адкрытую, панадсаслоўную польскую тоеснасць. І за гэтую свядомасць яны хацелі скласці ахвяру, бо – як яны верылі – няма чыну без ахвяры. Гэта былі ваяўнікі за новую польскасць, і менавіта такіх мы бачым на рысунках Гротгера.
- На якіх яны былі пастаўлены ў позах сучасных герояў баявікоў.
- Цыклы Гротгера з’яўляюцца дасканалай ілюстрацыяй таго, што тады здарылася, і квінтэсенцыяй польскай сучаснасці. Яны спалучаюць у сабе пачуццё нацыянальнасці, індывідуалізм, свабоду, барацьбу і пакуту. Усё пададзена ў попкультурным стылі, разам з выявай жанчыны, якая не з’яўляецца панурай матронай, а сэксі маткай-полькай.
- Што з’яўляецца характарыстычным для сучаснай нацыянальнай самасвядомасці?
- Яна вырастае, на маю думку, з сучаснага індывідуалізму. Можна было б у гэтым бачыць несапраўдную супярэчнасць – асоба ж застаецца ў канфлікце з супольнасцю, з народам. А аднак гэта індывідуалізм паўплываў у ХІХ стагоддзі на самавызначэнне нацыянальнай супольнасці. Нацыянальная самасвядомасць вырастае з культуры інтэлектуальнай эліты, члены якой былі вельмі моцнымі індывідуальнасцямі, якія жылі ў перакананні аб неабходнасці самавызначэння.
- Ці гэта значыць, што ў ХІХ стагоддзі нацыянальную самасвядомасць, нацыянальнасць можна было сабе выбраць?
- Часам так. Возьмем хоць бы Войцеха Кентшыньскага, які нарадзіўся як Альберт фон Вінкер, сын прускага шляхціца з Мазур і немкі. Яго выбар нацыянальнасці быў адарваны ад якіх-небудзь этнічных ці культурных аспектаў польскасці. Калі ён вырашыў, што з’яўляецца палякам, ён не ведаў ні воднага слова па-польску. Адзіны яго кантакт з польскім этнасам – гэта былі спатканні з мазурскімі сялянамі на базары. Ён хадзіў у нямецкую гімназію ў Растэнбургу (які, дарэчы, пасля ІІ Сусветнай вайны назвалі ў яго гонар Кентшынам), і толькі ў гады свайго студэнцтва ён навучыўся польскай мове. А стаў адной з помнікавых постацяў польскай гісторыі перад зваротам незалежнасці ў 1918 годзе. Ён быў вядомым гісторыкам, дырэктарам Ossolineum у Львове. Іншы прыклад – гэта сям’я Шэптыцкіх. Браты Станіслаў і Андрэй былі ўнукамі Аляксандра Фрэдры (польскі драматург – заўваг. пераклад.). Першы стаў генералам, другі – грэка-каталіцкім метрапалітам Львова і адной з важнейшых постацей украінскага нацыянальнага руху. Сярод інтэлігенцыі падобныя выпадкі здараліся досыць часта.
- А ці сёння гэта было б магчыма?
- Канешне, з аднаго боку, гэта тычыцца эмігрантаў, якія свядома асімілююцца з новай айчынай і яе каштоўнасцямі. З іншага боку, мы маем шматлікія выпадкі вяртання да каранёў сярод засіміляваных прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці. Прыкладам тут могуць быць некаторыя габрэі, якія вяртаюцца ў Ізраіль.
- Як даходзіць да такога свядомага выбару нацыянальнасці?
- У ХІХ стагоддзі даходжанне да нацыянальнасці было барацьбой за свабоду, за эмансіпацыю ўласнага “я”. Моцна разбудаваная свядомасць уласнага “я”, быцця сабой знаходзіла канкрэтызацыю ў атаясамленні з “субстанцыяй народу”, у ўкараненні ў ёй. Ёсць такая рэклама: “Будзь сабой – выбяры народ”.
- Што канкрэтна складалася на гэту нацыянальную субстанцыю?
- У практыцы гэта праяўлялася ў прывязанасці да краявіду роднай зямлі, да людзей і гісторыі. Найважнейшай з гэтых трох фактараў была прывязанасць да краявіду, у якім стараліся адшукваць прыкметы нацыянальных супольнасцей. Існавала шмат тэорый на гэтую тэму, напрыклад, немцы павінны былі быць хмурным народам, бо жылі ў лясах і дрыгвяным тумане, а паходзячыя з пустыннага і сонечнага Ізраіля габрэі – народам аскетычным, без ніякай заўважальнай “хмурнасці”.
- А як польскія краявіды ўплывалі на палякаў?
- Гэта залежыць ад таго, які, бо ў ХІХ стагоддзі існавалі тры польскія краявіды. Першы адносілі да зямель, якія сёння лічацца этнічна польскімі. Гэта быў, напрыклад, мазавецкі краявід, які мы ведаем з вобразаў Герымскага. Цікава, што немецкая крытыка ў гэтых уяўленнях пяшчанай мазавецкай раўніны з рахітычнымі бярозкамі бачыла польскі нігілізм. Няма нічога дзіўнага ў тым, што Ніцшэ хацеў быць палякам. Другім такім абшарам была Русь (тады ўсходняя Галіцыя, сёння заходняя Украіна), населеная русіньскімі сяланамі, якіх без вялікіх клопатаў лічылі часткай польскага люду. Люд быў, дарэчы, успрыманы больш як элемент краявіду, а не свядомая грамадская група. Трэцім абшарам была Літва, гэтаму садзейнічаў Міцкевіч.
- Ці польская нацыянальная самасвядомасць у інтэлігентаў другой паловы ХІХ стагоддзя была такая ж, як наша нацыянальная самасвядомасць?
- Не, хоць была яе непасрэдным папярэднікам. Каб даказаць нашу істотную сувязь з Мешкам І і яго войнамі, мы павінны б былі добра папрацаваць. Падобна было б у выпадку шляхты з ХVІ стагоддзя, хоць яна культывавала напэўна шмат цнот, якія і мы хацелі б культываваць. Калі ж рэч ідзе аб польскай інтэлігенцыі з ХІХ стагоддзя і сацыяльныя праслойкі, якія пазней прынялі нацыянальнасць, якую яна прапагандавала, то гэта ўжо супольнасць, з якой мы маем непасрэдную гістарычную паслядоўнасць. Мы падзяляем з тымі інтэлегентамі тую самую нацыянальную самасвядомасць, успрыманне польскай гісторыі, у якой пасля сярэднявечнай і шляхецкай Польшчы наступілі падзелы, прадстаўленыя як нацыянальная ахвяра. З гэтай ахвяры вырасла адраджэнне, нацыянальнае ўваскрасенне – атаясамліваемае з аднаўленнем дзяржавы. Усё гэта дагэтуль заключаецца ў польскай калектыўнай падсвядомасці, хоць палітычныя і грамадскія ўмовы радыкальна змяніліся, напрыклад, люд Русі і Літвы “эмігрыраваў” у іншыя нацыянальныя парадыгмы.
- Ці ахвяра зрабілася інтэгральным і ўстойлівым элементам польскасці? Ці далей знаходзіцца дзесьці ў нашай калектыўная падсвядомасці?
- Ад ХІХ стагоддзя свядомасць крыўды і ахвяры з’яўляецца важным кампанентам польскасці. Можна толькі задумвацца аб тым, ці калі напрацягу найбліжэйшых сотні гадоў Польшчу не закрануць ніякія войны або рэжымы, якія будуць прабаваць з дапамогай кнута і палкі ўводзіць усеагульнае шчасце, ахвяра ўсё ж будзе неад’емным элементам польскасці. Аднак я ўпэўнены, што ў часах больш сур’ёзнага гістарычнага крызісу ахвяра, звязаная з польскасцю, магла б без цяжкасці з’явіцца ў польскай супольнасці як адзін з важнейшых ключоў у акрэсленні яе кандыцыі.
- З чаго яшчэ складаецца польскасць?
- Наступным важным элементам быў і застаецца культ нацыянальных герояў. Яго ўстойлівасць сапраўды ўражвае. Хопіць толькі параўнаць урачыстасці, звязаныя з нацыянальнай жалобай у мінулым і зараз. Найбольшае напружанне такіх пахавальных маніфестацый прыпадала на пералом ХІХ і ХХ стагоддзяў. Ад 1890 году, калі прах Міцкевіча быў пахаваны на Вавэлю, што два гады адбывалася менш ці больш важнае пахаванне (напрыклад, Матэйкі, Асныка, Крашэўскага), а нават калі пахавання не было, то адзначаліся юбілеі, гадавіны нараджэння ці смерці нацыянальнага героя. У ІІ РП пераняслі на Вавэль прах Славацкага. У 1935 годзе адбылася ўсенародная жалоба пасля смерці Юзэфа Пілсудскага і яго ўрачыстае пахаванне на Вавэлю. У ПНР такіх нацыянальных маніфестацый у вядомых формах ХІХ стагоддзя не было, хоць з камуністычнай помпай пахавалі Берута. І раптам на пачатку ХХІ стагоддзя старыя формы адрадзіліся. Новае пахаванне генерала Сікорскага на Вавэлю ў 1993 годзе яшчэ не выклікала вялікіх эмоцый. Змена наступіла на пераломе тысячагоддзяў. Гэта ўжо паказала пахаванне Чэслава Мілаша на Скалцы ў жніўні 2004 года, але па-сапраўднаму гвалтоўны выбух нацыянальна-жалобных эмоцый звязваўся з смерццю Папы. Гэтыя жалобныя формы, выпрацаваныя ў ХІХ стагоддзі, аказаліся ўстойлівымі, неяк жылі ў грамадскай свядомасці ці падсвядомасці. Яны незалежныя ад прапаганды і хутчэй непадатлівыя на інстытуцыяналізацыю.
- А аднак у 90-ых гадах ХХ стагоддзя, адразу пасля падзення камунізму, яны хутчэй не праяўляліся.
- Гэта быў перыяд, у якім не толькі нацыянальную ідэалогію, але і ўсялякую іншую, правую ці левую,павінна была, на думку значнай часткі польскай эліты, замяніць мадэрнізацыя ці “цывілізаванне” Польшчы, што тады, дарэчы, была прынята вялікай часткай грамадства. Людзі хутчэй за ўсё былі замучаныя страшным напружаннем нацыянальна-патрыятычных пачуццяў у перыядзе першай Салідарнасці і ў ваенным становішчы. Дайшло, такім чынам, да нейкага адрэагавання. Аднак высветлілася, што гэта неўстойлівая з’ява. Найперш з’явіліся сімптомы таго, што англічане называюць банальным нацыяналізмам. Першым з іх была Малышаманія (ад Адам Малыш, польскі скакун з лыжнага трампліну – заўваг. пераклад.). Раптам спорт, які ў Польшчы не быў вельмі папулярным, прыцягнуў увагу мільёнаў палякаў. Гэта быў сапраўдны культ героя, які гэтым разам аб’явіўся ў форме спартыўных балельшчыкаў. Людзі малявалі твары ў нацыянальныя колеры, ездзілі на спаборніцтвы ў Германію ці Аўстрыю, каб на трыбунах размахваць польскімі сцягамі. Малышаманія агарнула ўсе сацыяльныя праслойкі – рэйтынг прагляду спаборніцтваў па тэлебачанню быў вялізны, усе ганарыліся дасягненнямі польскага скакуна.
- Ці гэта з’ява была цалкам спантанічная?
- Так. Цікава, што палітыкі не заўважылі адразу, што за гэтымі рэакцыямі крыецца нешта большае за захапленне спортам. Для палітыкаў грамадскі феномен вяртання да старых нацыянальных формаў зрабіўся цалкам зразумелым толькі пасля смерці Яна Паўла ІІ.
- Якім чынам створаная невялікай лічбова інтэлігенцкай праслойкай польская нацыянальная самасвядомасць была паўсюдна прынята іншымі сацыяльнымі праслойкамі ў Польшчы?
- Ад ХІХ стагоддзя няма нацыянальнай самасвядомасці без мовы ці – шырэй – без пісьмовай культуры. І сапраўды ў Еўропе, а асабліва ў Польшчы, была выканана на гэтым полі гіганцкая праца. Акупанты не займаліся адукацыяй, а калі так, то яна была павінна служыць русіфікацыі ці германізацыі. Пад прускай і аўстрыяцкай уладай былі аднак школы, якія, нягледзячы на германізацыйныя націскі, асабліва ў Прусіі, займаліся навучаннем польскіх мас і схілялі іх таксама да чытання па-польску. Пад расейскай уладай было інакш. Вялізную працу тут выканаў так сапраўды адзін чалавек – Казімір Прушыньскі “Прамень”, які падтрымліваў ідэю вясковай самаадукацыі і выдаваў буквар для вясковых самавукаў, каб яны маглі навучыцца чытаць і пісаць па-польску. Ад 80-ых гадоў ХІХ стагоддзя аж да першай вайны буквар быў надрукаваны ў агульным накладзе больш за мільён двесце тысяч асобнікаў. Гэтаму поспеху спрыялі галоўным чынам пробашчы, якія распаўсюджвалі гэты буквар сярод сялян. Дзякуючы гэтаму, паступова згладжваліся моўныя рэгіаналізмы, што само з’яўляецца тым больш цікавым, што несумненна акупанты гэтага не хацелі. Сёння ў Польшчы акрамя кашубскай мовы, гуральскіх і сілезійскіх дыялектаў, уласна кажучы, няма ўжо рэгіанальных моўных адрозненняў. Роля новых межаў і этнічнай уніфікацыі ў ПНР тут не да параўнання. Моўная ўніфікацыя з’яўляецца небывала важная, бо ў пераднацыянальным саслоўным грамадстве існавалі вялізныя моўныя розніцы не толькі паміж рэгіонамі, але і паміж асобнымі саслоўямі.
- Ці гэта значыць, што менавіта часы ПНР спрыялі ўмацаванню польскай нацыянальнай самасвядомасці?
- Парадаксальна, але так. Афіцыйная камуністычная дактрына была інтэрнацыянальнай, шмат ідэйных марксістаў сто год таму змагалася супраць нацыянальнасці як гістарычнаму перажытку. А аднак згодна з воляй Сталіна Савецкі Саюз – мадэльная камуністычная краіна – быў сфарміраваны адпаведна з нацыянальнымі межамі. Пасля ІІ Сусветнай вайны краіны-сатэліты таксама павінны былі мець stricte нацыянальны характар. Абаранялі нацыянальную суцэльнасць. Таму з заходніх і паўночных зямель перасялілі немцаў. Пазітыўна ставіліся да нацыянальнай самасвядомасці, бо гэта легітымізавала новую камуністычную ўладу ў вачах грамадства. Не выпадкова Берут у 40-ых гадах быў патронам выдання твораў Адама Міцкевіча. Канешне, камуністы звычайна не вельмі моцна хацелі падтрымліваць лакальныя нацыяналізмы, бо яны маглі быць пагрозай для іх улады. Таму ключавую ролю ў умацаванні польскай нацыянальнай самасвядомасці ў часах камунізму адыграў каталіцкі Касцёл пад кіраўніцтвам кардынала Стэфана Вышыньскага. У яго разуменні каталіцкая і польская тоеснасць зліваліся ў адзіную непарыўную суцэльнасць, павінны былі падтрымліваць сябе наўзаем.
- Якія былі прычыны, для якіх Касцёл судзейнічаў у Польшчы нацыянальнай ідэі?
- Аб народах, асабліва аб выбраным народзе, гаворыцца ўжо ў Бібліі. Пасля перыяду рэфармацыі каталіцкі Касцёл вельмі адкрыўся на лакальныя тоеснасці. Прымас Вышыньскі адчуў, што ахова рэлігійнай тоеснасці, падданай прэсіі камуністычнай дзяржавы можа быць эфектыўнай толькі тады, калі адначасова будуць абараняцца каталіцызм і польскасць. Прымас лічыў, што гэта сувязь непарыўная. Гэта таму пасля вайны адбудоўваліся касцёлы, галоўным чынам, у суровым стылю готыкі, бо готык павінен быў сімвалічна паказваць, што польскасць ад даўных часоў была звязана з хрысціянствам. У 1996 годзе Касцёл выграў з камуністамі. Тысячагоддзя польскай дзяржавы не можна было аддзяліць ад каталіцызму. Сучасная польская нацыянальная самасвядомасць ва ўсіх сацыяльных праслойках была канчаткова ўкаранена, дзякуючы гэтай выгранай Касцёлам спрэчцы з камуністамі.
- Ці сёння можна заўважыць значныя змены ў польскай нацыянальнай самасвядомасці?
- Мае даследванні паказваюць, што мы падобныя да нашых прадзедаў. Моцны індывідуалізм, культ герояў, ахвярнасць, прывязанасць да свабоды – гэта нацыянальныя рысы, якія нязменна трываюць. Да гэтага можна дадаць цалкам практычную цікавасць да свету, мабільнасць і імкненне да мадэрнізацыі, характарыстычнае да польскіх сялян канца ХІХ стагоддзя, якое засталося нам дагэтуль. Яно выяўлялася з цягам часу ў забаўных формах, бо, напрыклад, перад І Сусветнай вайной галоўным прадметам пажадлівасці ў вёсцы быў гадзіннік, зусім непрыдатная прылада для працы ў полі, якая з часам сталася паўсюдна даступным добрам. А ці не падобную гісторыю меў сто гадоў пазней сотавы тэлефон?
- Якая будучыня ў польскай нацыянальнай самасвядомасці ў Еўрапейскім Саюзе?
- Саюз будзе толькі ўзмацняць гэту самасвядомасць, падобна як і іншыя лакальныя тоеснасці. Ён не створыць адзіную еўрапейскую самасвядомасць, бо з’яўляецца перад усім эканамічна-палітычным стварэннем. Ён не вырастае з нізавых плыняў еўрапейскай культуры. Некаторыя баяцца, па праўдзе, што еўракраты створаць еўрапейскую тоеснасць зверху, напрыклад, пры дапамозе супольнага падручніка па гісторыі. Цяжкасці ў напісанні такога падручніка аднак паказваюць, што розніцы ў успрыманні спраў за вялікія, каб праект мог удацца. Гэта вынікае з існавання розных нацыянальных самасвядомасцяў. Да гэтай пары мы не бачылі Еўрапейскі Саюз у сітуацыі вялікага эканамічнага ці палітычнага крызісу. Я мяркую, што ў выпадку такога крызісу лакальныя нацыянальныя самасвядомасці праявіліся б з падвоенай моцай. Нягледзечы на гэта, не маюць рацыі тыя, хто лічыць, што нацыянальная тоеснасць з’яўляецца пагрозай для Еўрапейскага Саюзу. Саюз мае вялікія шансы зрабіцца ўстойлівай цывілізацыйнай супольнасцю.
Канд. нав. Нікадэм Боньча-Тамашэўскі з’яўляецца аўтарам кнігі “Крыніцы нацыянальнасці” („Źródła narodowości”, Вроцлаў 2006), намініраванай у 2007 годзе на Узнагароду імя Яна Длугоша, рэдактарам часопіса “44/Czterdzieści i cztery”, арганізатарам і дырэктарам заснаванага ў сакавіку 2008 года Нацыянальнага лічбавага архіву (www.nac.gov.pl).