Sponsor:

Partnerzy:



Шапэн загучаў у Бэтлееме

Data: 1970-01-01 02:00

Паводле: Gazeta Wyborcza, 19-20.04.2008 г.

Аўтар: Раман Паўлоўскі

Канцэрт музыкі Фрыдэрыка Шапэна ў Бэтлееме – гэта хіба найбольш рызыкоўны праект, які апынуўся ў праграме Польскага Сезону ў Ізраілі, арганізаванага Інстытутам Адама Міцкевіча.

 

 

Шэсць гадоў таму ізраільскае войска асаджала тут палесцінцаў, схаваных у Базыліцы Нараджэння Панскага. Ужо два гады Бэтлеем акружаюць высокія (ў некаторых месцах дасягаюць 5 метраў) муры. Ізраільцяне называюць іх бар’ерам бязпекі. Палесцінцы гавораць аб новым апартэідзе. Гэта фрагмент вялікай заслоны, якая ў будучыні павінна будзе ізаляваць увесь Заходні Бераг і забяспечыць Ізраэль ад тэрарыстычных атакаў.

 

Ці ў такіх умовах нехта захоча слухаць шапэнаўскія мазуркі (польскі народны танец – заўваг. пераклад.) ў выкананні Марыі Памяноўскай і яе музыкантаў з Польскай Групы?

 

У Бетлеем нас бярэ з сабой Пётр Пухта, прадстаўнік РП у Палесцінскай Аўтаноміі. Гэта толькі восем кіламетраў ад Іерусаліма. Калі б не заслоны, мы былі б на месцы праз чвэрць гадзіны. Першая спроба ўезду ў горад заканчваецца няўдачай – наглядчыца ў кантрольным пункце не прапускае нашыя машыны, нават не хоча ўзглянуць на дыпламатычнае пасведчанне.

 

- Паедзем праз тунэль, - распараджаецца Пухта. Мы аб’яжджаем Бэтлеем новай дарогай, якая злучае Іерусалім з габрэйскімі пасяленнямі, і, незатрыманыя нікім, заяжджамы ў горад з іншага боку. Бэтлеем вітае нас вялікім манументам, прадстаўляючым сабой галубка міра, апранутага ў кулеадпорную камізэльку. Нягледзячы на напружаную сітуацыю, палесцінцы захоўваюць пачуццё гумару.

 

Канцэрт павінен адбыцца вечарам у Цэнтры Міра. Гэта сучасны асяродак мастацтва, фінансаваны шведамі. Нас там чакае канд. н. Салеем Зоўгбі, заснавальнік Палесцінскага Таварыства Фрыдэрыка Шапэна, якое запрасіла ў Бэтлеем польскіх музыкантаў. Выкладчык Бэтлеемскага Універсітэту (спецыяльнасць: кампутары) увесь свой вольны час прысвячае музыцы.

 

- Калі мне было 14 гадоў, я пачуў у Бэтлееме канцэрт лібанскай піяністкі. Памятаю, як зараз: яна грала санату b-moll Шапэна. Ад таго часу я звар’яцеў на пункце польскай музыкі, - апавядае канд. н. Зоўгбі. Мы сядзім на тэрасе Цэнтра Міра, з якога разгортваецца краявід на ўвесь горад. Пятніца, ісламскае свята. Вяртаючыеся з мячэці мусульмане мінаюцца з хрысціанскімі пілігрымкамі, кіруючыміся да Базылікі Нараджэння.

 

- Я хацеў быць музыкантам, але не было, дзе вучыцца, - гаворыць канд. н. Зоўгбі. Гэта быў 1969 год, Палесціна паўставала пасля ізраільска-арабскай вайны, музычныя школы былі на нізкім узроўні. Салеем быў добры ў матэматыцы, і было вырашана, што ён будзе інжынерам. Але музыку ён не кінуў.

 

Рэалізацыяй музычных мараў стала заснаваная ў 1997 г. Музычная Акадэмія ў Бэтлееме. Канд. н. Зоўгбі стаўся старшынёй праўлення, а ў 2000 г. на базе Акадэміі заснаваў першае ў Палесціне Шапэнаўскае Таварыства.

 

З’яўленне Таварыства супала з пачаткам другой інтыфады, палесцінскага паўстання супроць Ізраэля.

 

- Госці з Захаду часта пытаюцца, чаму Шапэн, чаму мы не займаемся, напрыклад, Рахманінавым. Я ім адказваю, што па прычыне яго вялікай любові да айчыны і таксама вялікай любові да чалавека. Мы, палесцінцы, любім польскіх кампазытараў, Падэрэўскага, Веняўскага, але музыка Шапэна для нас з’яўляецца асаблівай. Слухаючы паланэз нумар 6, можна адчуць патрыятычны дух польскага народа, які не дазволіў сцерці сябе з карты. Можа гэта прагучыць патэтычна, але для нас Шапэн – гэта сімвал свабоды.

 

Таварыства напрацягу васьмі гадоў арганізавала серыю шапэнаўскіх канцэртаў, у Бэтлееме гралі, паміж іншым, маладыя польскія піяністы Анна Бочар і Мацей Загурскі. З дапамогай польскага пасольства ў Іерусаліме была выдадзена першая на арабскай мове кніга аб польскіх кампазітарах. Таварыста падтрымлівае прадпрымальнік Аляксандар Гудзаваты, які ўстанавіў стыпендыі для студэнтаў. А восенню ў мінулым годзе ў Амане, сталіцы Іарданіі, па ініцыятыве Таварыства адбылося першае спатканне шапэназнаўцаў з арабскіх краін. Яго працягам павінна быць міжнародная канферэнцыя, запланаваная на 2010 год на двухсотгоддзе нараджэння кампазытара.

 

Канд. н. Зоўгбі: - Калі мы дзесяць год таму заснавалі Акадэмію, а пазней Шапэнаўскае Таварыства, мы хацелі падрыхтаваць маладое пакаленне палесцінцаў да жыцця ў міры. Мы хацелі, каб яны пазнаёміліся з культурай, адкрыліся на свет. Нашыя дзеянні знайшлі шырокі водгук з боку бацькоў і дзяцей, нягледзячы на тое, што еўрапейская музыка не вельмі вядомая ў арабскай культуры. Тут, на акупіраваных абшарах, музыка асабліва важная, бо паказвае іншы, яснейшы бок рэчаіснасці, якая не заключаецца толькі ў канфрантацыі з ізраэльскімі салдатамі. Я веру, што праз музыку і культуру мы ў стане даць маладым людзям надзею і рашучасць у жыцці.

 

Гэтая надзея шмат разоў у апошнія гады гасла. У 2002 г. падчас асады Бэтлеему загінуў адзін з першых выпускнікоў Музычнай Акадэміі. 21-гадовы мусульманін, “нашая першая скрыпка”, як называе яго канд. н. Зоўгбі, памёр ад апёкаў, калі ізраэльская армія бамбардзіравала яго дом. Год пасля гэтага 10-гадовая вучаніца па класу фартэп’яна Крыстына Са’адэх, хрысціянка, загінула ў машыне свайго бацькі, якую памылкова абстраляў ізраэльскі спецназ, палюючы на тэрарыстаў. У яе пахаванні ўдзельнічаў увесь горад.

 

Сёння на Заходнім Беразе пануе супакой, але сітуацыя знаходзіцца далёка ад нармальнасці. Мур, аддзяляючы Бэтлеем ад рэшты краіны, ускладняе, а часам робіць немагчымым культурны абмен. Восенню мінулага году дэлегацыя Шапэнаўскага Таварыства тры разы адтэрміноўвала выезд у Польшчу, бо не мела дазволу на прыезд у аэрапорт у Тэль-Авіве. Урэшце паляцелі ў Варшаву праз Аман. Падобныя праблемы маюць увесь час студэнты Музычнай Акадэміі, якія ездзяць у ўсходнюю, арабскую частку Іерусаліма на заняткі.

 

Аднак канд. н. Зоўгбі аптымістычна глядзіць у будучыню. – Я веру ў мір. Я прысвячаю ўвесь свой вольны час на тое, каб маладое пакаленне мела альтэрнатыву. Шмат з іх з’яўляюцца сапраўды таленавітымі, яны заслужылі на лепшы лёс.

 

Калі будзе магчыма арганізаваць супольны канцэрт музыкантаў з Палесціны і Ізраэля?

 

- Мы любім ізраэльцянаў, але як суседзей, не як акупантаў. Пакуль мы будзем пад акупацыяй, паддаваныя рэпрэсіям, да таго часу нам будзе вельмі цяжка граць разам Шапэна ці Бетховена.

 

У Цэнтр Міра паволі збіраецца публіка. Выкладчыкі і студэнты, меламаны, працаўнікі гуманітарных арганізацый. Сярод прысутных ёсць таксама бурмістр гарадка і польскія францішканцы з суседняй Базылікі Нараджэння. Канд. н. Зоўгбі з неспакойна глядзіць на экран завешанага ў фае тэлевізара: арабскае тэлебачанне аль Джаіра паказвае барацьбу ў Зоне Газа, на якую ўжо чарговы раз наехалі ізраэльскія танкі, Ёсць ранныя і забітыя.

 

- Няма выйсця. Канцэрт павінен адбыцца, - вырашае ён.

 

Калі вечар нарэшце распачынаецца, усё напружанне знікае. Група Марыі Памяноўскай выконвае незвычайныя версіі шапэнаўскіх кампазіцый на даўных, народных інструментах: цымбалах, біўгарайскай суцы і фідэлі. Музыка Шапэна ў іх выкананні гучыць так, якбы наноў была перакладзена на польскі фальклор, не губляючы пры гэтым нічога з сваёй рафінаванасці. Публіка ўслухоўваецца ў вядомыя тэмы, якія адкрываюць народныя карані. Цяжка пазнаць, дзе заканчваецца Шапэн, а пачынаецца польскі фальклор.

 

Музыканты акрамя шапэнаўскіх твораў выконваюць мазуркі з Куяў і старыя, мазавецкія песні. Неўспадзёўкі пасля каляды з ХVI стагоддзя з-за вакна адзываецца голас муэдзіна, заклікаючага да вячэрняй малітвы. Час спыняецца, перакрыжоўваюцца культуры, заслухаўшыся, мы не заўважаем, як праходзіць гадзіна.

 

Вечарам у францішканаў у доме пілігрыма адбываецца прыём у гонар польскіх музыкантаў. Марыя Памяноўская ўзрушана. – Гэта ўнікальны досвед – граць каля святога месца хрысціянаў, а ў той жа час перад арабскай публікай, - гаворыць яна. – Ад дзіцяці мяне захапляе арабская музыка, маёй марай з’яўляецца запісаць шапэнаўскі матэрыял з палесцінскімі музыкантамі. Тут, на Блізкім Усходзе, б’е крыніца еўрапейскай музыкі. Калі я чую гэтую фразіроўку і чвэрцьтоны, я адчуваю сябе, як дома.

 

Пасля вячэры канд. н. Зоўгбі садзіцца за раяль. Ён грае вальс нумар 9 “Развітанне” Шапэна. Калі мы ноччу праз ізраельскія пасты вяртаемся ў Іерусалім,

мелодыя вальса ўсё яшчэ гучыць у маёй галаве.

 

Палесцінскае Таварыства ім. Фрыдэрыка Шапэна збірае грошы на пакупку раяля для студэнтаў Музычнай Акадэміі ў Бэтлееме. Зацікаўленыя асобы могуць кантактавацца непасрэдна з канд. н. Салеемэм Зоўгбі па мэйл-адрасу: This e-mail address is being protected from spambots, you need JavaScript enabled to view it альбо This e-mail address is being protected from spambots, you need JavaScript enabled to view it .